1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларускія ўлады не выконваюць умовы дэмакратычных выбараў

Генадзь Канстанцінаў17 июля 2008 г.

17 ліпеня лідэры АДС звярнуліся да Генпракурора з просьбай аб сустрэчы з нагоды ўзмацнення рэпрэсіяў супраць дэмакратычных актывістаў у часе выбарчай кампаніі і далі ацэнку завершанаму першаму этапу парламенцкіх выбараў.

https://p.dw.com/p/EeKE
Фото: DW / Olja Melnik

Лідэры апазіцыйных партыяў маюць намер звярнуць увагу Генеральнага пракурора на моцны ціск, які выканаўчыя ўлады здзяйсняюць на актывістаў дэмакратычнага руху, што бяруць удзел у выбарчай кампаніі. Рыгору Васілевічу будзе прапанавана даць прававую ацэнку фактам палітычных рэпрэсіяў і зрабіць прадугледжаныя заканадаўствам захады для прыцягнення да адказнасці асобаў, дачынных да парушэнняў замацаванага ў Канстытуцыі Беларусі выбарчага права грамадзянаў.

Намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч паведаміў пра факт затрымання 16 ліпеня ва ўласнай кватэры пасля працяглага ператрусу прэтэндэнта на кандыдата ў дэпутаты парламента з адзінага спісу АДС, сябра Партыі БНФ Юрася Карэтнікава, якога падазраюць у спрычыненні да трагічных падзеяў у Мінску ўноч на 4 ліпеня:

“Пра непрафесійны падыход супрацоўнікаў спецслужбаў сведчыць і тое, што яны нават не пацікавіліся тым, што арыштаваны імі Юры Карэтнікаў па запрашэнні Рады Еўропы ўдзельнічаў у працы “Летняга універсітэта дэмакратыі” і знаходзіўся ў Страсбургу з 29 чэрвеня да 6 ліпеня. У чалавека алібі, ён не мае ніякага дачынення да падзеяў, звязаных з выбухам”.

Спыненне рэпрэсіяў – умова прыезду назіральнікаў

Як адзначыў Ігар Рынкевіч, складаецца ўражанне, што сілавыя структуры займаюцца не складанай працай – пошукам сапраўдных злачынцаў, а простай і звычайнай для іх працай – пераследам дэмакратычных актывістаў:

“Прэзідыюм Палітрады АДС патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх вязняў сумлення. Мы гатовыя перагледзець фармат далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі і заклікаем міжнародныя арганізацыі назірання за выбарамі ўвязваць сваё рашэнне аб прыездзе ў Беларусь са спыненнем рэпрэсіяў”.

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заўважыў: “Цяжка сказаць, Ярмошына ці КДБ, хутчэй, КДБ арганізцуе правядзенне выбараў”.

Падкантрольныя выбаркамаўцы

Старшыня кампаніі “За свабодныя выбары” Віктар Карняенка, падсумоўваючы вынікі першага этапу выбарчай кампаніі - фармавання акруговых выбаркамаў, адзначыў, што ў склад гэтых камісіяў улады не пусцілі самых дасведчаных у галіне кіравання і дзяржаўнай дзейнасці асобаў. Да прыкладу, не былі ўключаныя дзеючыя дэпутаты мясцовых саветаў, а таксама былыя парламентары Галіна Сямдзянава, Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, былыя кіраўнікі мясцовых выканаўчых уладаў – экс-мэры Гомелю і Барані, былы старшыня Слаўгарадскага райвыканкаму, экс-міністры Павел Казлоўскі і Аляксандр Сасноў, а таксама першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Замест гэтых вопытных дзеячоў, падкрэсліў Віктар Карняенка, уключалі людзей, якія сёння ёсць залежныя ад улады:

“Маюць працу ў дзяржаўных установах и залежаць ад кантрактнай сістэмы. Магчыма, такім чынам улады спадзяюцца на іх уплываць”.

Па словах кіраўніка Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна, сама ўлада не хоча, каб парламенцкія выбары былі прызнаныя як унутры Беларусі, гэтак і міжнароднай супольнасцю, бо яна нічога дзеля гэтага не робіць:

“Сёння не вызваленыя палітычныя зняволеныя, раскручваецца махавік рэпрэсіяў, улада ж сама вырашыла зрабіць так, каб паставіць пытанне легітымнасці і празрыстасці, як мінімум, у тых акругах, дзе не будзе прадстаўнікоў ад АДС”.

Байкоту не прадбачыцца

Тым не менш, параўнальна з мінулымі выбарамі, сябраў апазыцыі ў акруговых выбаркамах гэтым разам значна больш. Таму, як адзначае палітолаг Валеры Карбалевіч, спыненне ўдзелу апазіцыі ў выбарчай кампаніі ці байкот выбараў увогуле стаіць пад вялікім пытаннем.

“Лідэры апазіцыі падчас сустрэчаў з афіцыйнымі прадстаўнікамі еўрапейскіх структураў даказвалі, што крытэрыямі правядзення дэмакратычных выбараў будуць уключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі, рэгістрацыя кандыдатаў і гэтак далей. І вось першы крок нібыта зроблены, то бок, канешне, не ўсе сто з нечым прадстаўнікоў уключаныя, а толькі некалькі, але ж крок наперад мае месца, і гэта ставіць кіраўнікоў апазіцыі ў даволі цяжкае становішча. То бок, аргументы працуюць не на адзін бок, а на два бакі – з аднаго боку, можна ўдзельнічаць, з іншага – нельга. Таму такая даволі гнуткая палітыка ўладаў пакуль не дазваляе апазіцыі зрабіць адназначны выбар, тым больш што машына ўдзелу ў выбарчай кампаніі ўжо пачала працаваць”.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще