1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Слонім - месца, у мінулым дастойнае канцлера

Марына Мазуркевіч

Дзякуючы намаганням канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі ў XVI стагоддзі Слонім пераўтварыўся з маленькага гарадка ў палітычны цэнтр ВКЛ. Што сёння нагадвае тут пра былога старасту?

https://p.dw.com/p/D8pI
касцёл святога Андрэя ў СлонімеФото: Marina Mazurkewitsch

У Слоніме шэсць музеяў, свой драматычны тэатр і адразу некалькі плошчаў – рэдкі райцэнтр з насельніцтвам крыху больш за 50 тысяч чалавек можа такім пахваліцца. Але ж, слушна заўважае мясцовы краязнаўца Сяргей Чыгрын, і не кожным беларускім горадам кіраваў укладальнік Статута ВКЛ – заканадаўчага зводу вялікай дзяржавы.

“Тут праходзілі пры Льву Сапегу генеральныя сеймікі Вялікага княства Літоўскага. Сюды прыязджаў увесь свет. Магчыма, што Статут Вялікага княства Літоўскага набіраўся ў Слоніме, а друкаваўся ў Вільні. Пры Льву Сапегу была друкарня”.

Самым значным месцам у Слоніме Сяргей Чыгрын лічыць не рынкавую плошчу, на якой калісьці мясціўся першы беларускі рэстаран, а цяпер чамусьці стаіць помнік правадыру пралетарыяту. І не плошчу Леніна, дзе якраз манумента ў ягоны гонар ніколі не было. Краязнаўца даводзіць: “пуп” Слоніма ды і ўсёй Беларусі знаходзіцца на плошчы Льва Сапегі у былым прадмесці Замосце.

“Адсюль 200 кіламетраў да Вільні, 200 - да Мінска, 200 - да Брэста і 140 кіламетраў да Гродна”.

“Хрыста ў храме” з’ела соль

У савецкія часы на сучасную плошчу Сапегі бегалі на спатканні да вайскоўцаў слонімскія дзяўчаты. З адкрытай тэрасы закінутага цяпер будынка рэстарана “Бярозка” добра праглядваўся падобны да крыла анёла касцёл святога Андрэя. Ён стаіць на тым самым месцы, дзе ў 1595 годзе Леў Сапега адбудаваў разбураную першую культавую фундацыю горада. Пры Саветах у храме быў склад, прыгадвае парафіянін Міхаіл:

"Агромістыя горы солі. Дзеці коўзаліся па іх, бы па снезе. Дзьмуў вецер. І помню яшчэ касцёл так хістаўся”.

Калі ў 1987-м годзе ксёндз Вітальд Жэльветра ўпершыню ўвайшоў у касцёл, пасярод яго расла бяроза вышынёй у тры метры, а роспісы на сценах ледзь праглядваліся - соль ды вільгаць, што можа быць горш для фарбаў? Па падліках спецыялістаў, ад аўтэнтычнай фрэскавай раскошы захавалася не больш за 20 адсоткаў. Рэстаўратары па міліметры вымывалі соль з верхняга слою тынкоўкі невялічкімі кавалкамі паперы, змочанай дысталяванай вадой. Але адразу ж выступалі больш глыбокія салёныя напластаванні, пакрываючыя сцяну, бы вата.

Два фрэскавыя сюжэты: “Уцёкі ў Егіпет” і “Хрыстос у храме” цяпер адноўленыя на тканіне, каб наведвальнікі хаця б мелі ўяўленне пра іх.

Адкуль львы ў Слоніме?

У юнай жыхаркі Слоніма Алены Рудніцкай няма сумневу – Леў Сапега – гэта той самы "звер", чыя выява знаходзіцца на гербе горада.

“Такі залаты леў, які трымае ў лапах срэбную стралу. Сапега – гэта ягоная мянушка”.

Геральдысты называюць герб Слоніма “Ліс”. Ён сведчыць аб прыналежнасці горада Льву Сапегу – старасце, пры якім тут з’явіўся палац, былі пакрытыя брукам вуліцы, пабудаваныя новыя масты, а купцы, якія везлі праз горад свае тавары, былі абавязаныя спыняцца і гандляваць. Гэта быў час росквіту Слоніма.

30 мільёнаў на ўшанаванне Сапегі

Да 450-годдзя з дня нараджэння вядомага канцлера ў 2007 годзе Міністэрства культуры Беларусі абяцала паставіць яму помнік у Слоніме. Як заўсёды, не знайшлося грошай.

“Скульптар Іван Місько ўжо зрабіў праект. Толькі грошай няма.

"Адна цана была пяць гадоў таму, цяпер другая", - гаворыць Сяргей Чыгрын.

Цяпер зборам ахвяраванняў на ўшанаванне памяці знакамітай гістарычнай асобы займаецца Таварыства беларускай мовы. Ягоны старшыня Алег Трусаў спадзяецца, што патрэбныя 30 мільёнаў рублёў будуць здабытыя ўсяго за адзін год.

“Калі той помнік будзе зроблены, будзе прафінансаваны, то ён паставіцца ў цэнтры”, - Сяргей Чыгрын ужо шукае ў Слоніме месца, дастойнае канцлера.