1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

«Музыка адчыняе межы»

Вадзім Вілейта26 августа 2007 г.

Пад такім лозунгам 25-26 жніўня на літоўска-беларускім узмежжы прайшоў міжнародны музычны фестываль “Будзьма разам”. Акрамя чыста музычна-забаўляльнай, мерапрыемства несла і пэўную палітычную нагрузку.

https://p.dw.com/p/BY6J
Фото: picture-alliance/ dpa

Не выпадкова мерапрыемства праходзіла літаральна за 50 метраў ад беларускай мяжы, у літоўскай вёсцы Нарвілішкі. Галоўным спонсарам фестываля выступіла Міністэрства замежных спраў Літвы, а лозунг мерапрыемства – “Музыка адчыняе межы” – быў відавочна накіраваны ў бок суседняй Беларусі.

Запланаваны фестываль быў як грандыёзная фіеста – найвялікшы музычны праект у Прыбалтыцы. Ці атрымалася ўсё як задумана, і ці апраўдала сябе задумка фестываля як крок літоўцаў насустрач беларусам – пытанне, але арганізатары стараліся. Колькасць удзельнікаў, праўда, відавочна не дацягнула ані да заяўленых 15, ані да 10 тысяч. Аднак якасць музыкі і арганізацыі мерапрыемства ад гэтага зусім не пацярпела.

Беларускія гурты і ўдзельнікі на мерапрыемстве відавочна губляліся сярод іншых, таму аб “прабеларускай” накіраванасці фестываля можна было здагадацца толькі па асобных заявах некаторых выканаўцаў (пераважна літоўскіх). Адзіным яскрава-беларускім момантам стаўся выступ гурта “Ляпіс Трубецкой”. Харызматычны лідар гурта Сяргей Міхалок ня грэбаваў беларускай мовай ў сваіх зваротах да гледачоў і ў песнях.

Падчас выступу “Ляпісаў” каля сцэны сабраліся ці ня ўсе беларусы, якія з’ехаліся ў тыя дні ў Нарвілішкі. Хіба гэта быў адзіны раз, калі беларусы адчулі сябе гаспадарамі на фестывалі. Лідар гурта салідарызаваўся з лозунгамі мерапрыемства – “Будзьма разам” і “Музыка адчыняе межы”.

Акрамя гэтага гурта, на фестывалі ў Літве выступалі яшчэ дзве беларускія каманды і безліч заходніх ды літоўскіх гуртоў. Можна сказаць, што просьба беларускага міністэрства замежных справаў да арганізатараў фестываля пазбегчы “антыбеларускіх заяў і правакацый” была задаволеная. Ані парушэнняў дзяржаўнай мяжы, ані якіх-небудзь надта палітызаваных выступаў ці эксцэсаў – нічога такога не было. Адны намёкі. Ды і тыя – вельмі дружалюбныя, ну вось хоць бы такія, як з вуснаў аднога з гасцей фестываля, міністра замежных справаў Літвы, былога яе амбасадара ў Беларусі Пятраса Вайцекунаса:

“Галоўнае – сказаць усім, і беларусам, і літоўцам, і Еўразвязу, што мы, еўрапейцы, можам і мусім быць усе разам. Разам з беларусамі, разам з расейцамі, разам з украінцамі”.

казаў кіраўнік міністэрства замежных спраў Літвы, галоўнага спонсара фестываля “Be 2 gether”. Ці прыжывецца фестываль у літоўскім апендыксе, каля самай-самай беларускай мяжы – прагназаваць цяжка. Як камерцыйны праект “Будзьма разам” наўрад ці ўтрымаецца. Застаецца спадзявацца, што віншаванні і пажаданні з боку Еўрапейскай камісіі і прэзідэнта Літвы, каб фестываль быў паспяховы, і ў наступным годзе будуць падмацаваныя салідным фінансаваннем. Прынамсі беларусы будуць дакладна “ЗА”, каб сяброўства Беларусі і Літвы далей заахвочвалася такімі вось фестывалямі.