1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Марыюш Машкевіч: „Польскія фірмы зацікаўленыя ў працы на беларускім рынку“

Вольга Класкоўская

Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі пра тое, колькі часу спатрэбіцца дэмакратычнай Беларусі, каб дасягнуць узроўню Польшчы, і якія фактары здольныя ўплываць на перамены ў Беларусі.

https://p.dw.com/p/9D3Y

"Эканамічныя стасункі Польшчы і Беларусі вызначае пэўная дынаміка. У апошнія гады відавочнае павелічэнне гандлёвых абаротаў. На дадзены момант гэта каля мільярда даляраў. У часы, калі я быў амбасадарам у Беларусі, сума была паўмільярды і падавалася даволі вялікай. Прычынай гэтага росту галоўным чынам з'яўляецца зацікаўленасць Польшчы ў разнастайнай сыравіне, гэта датычыцца нафтовых прадуктаў, хімічных, мінеральных. Меншы попыт -- на прадукцыю, вырабленую ў Беларусі. Гэта сведчыць пра тое, што, на жаль, Беларусь як тэхналагічная краіна яшчэ не дастаткова моцная. Разам з тым, лічу, што прамысловы патэнцыял Беларусі дастаткова слаба выкарыстоўваецца".

Паводле словаў дыпламата, пакуль палітычная сітуацыя ў Беларусі не зменіцца, разлічваць на нейкія сур'ёзныя інвестыцыі з боку Захаду беларускаму боку даволі цяжка.

"Калі казаць пра польскія інвестыцыі, то тут сітуацыя даволі цяжкая. Патэнцыял малых і сярэдніх фірмаў, якія маглі б працаваць у Беларусі, даволі высокі. Але, на жаль, польскія фірмы асцерагаюцца ўваходу на беларускі рынак, бо баяцца непрадказальнасці. Мяркую, што такая тэндэнцыя будзе да тых часоў, пакуль у Беларусі не зменіцца палітычная сітуацыя. Пакуль не будзе прававой стабільнасці, Беларусі складана разлічваць на якіхсьці сур'ёзных інвестараў -- не толькі польскіх, а і ўвогуле заходніх".

На пытанне: «Колькі прыкладна часу спатрэбіцца дэмакратычнай Беларусі, каб дасягнуць узроўню Польшчы", дыпламат заўважае:

"Беларускія ўлады лічаць, што Беларусь жыве лепей Польшчы. І, дарэчы, многія палякі ў гэта вераць. Але праблема ў тым, што шмат якія эканамічныя сферы ў Беларусі датуюцца дзяржавай.

І рана ці позна, але на беларускай эканоміцы гэта адаб'ецца".

Суразмоўца пры гэтым дадае таксама:

«Ад таго моманту трэба ўзяць мінімум пяць гадоў актыўнай дзейнасці -- галоўным чынам прыватнага сектару, малых і сярэдніх фірмаў, і тады можна будзе казаць пра паляпшэнне сітуацыі".

Важным фактарам, здольным уплываць на перамены ў Беларусі, былы амбасадар назваў таксама працу незалежных мас-медыяў. Разважаючы пра новыя інфармацыйныя праекты, што ўзніклі пры падтрымцы заходніх краінаў, у прыватнасці, Польшчы, Марыюш Машкевіч адзначыў:

"Думаю, што прарыў інфамацыйнай блакады цалкам можа адбыцца, калі, натуральна, гэтыя прадукты будуць цікавыя, прафесійныя, вартыя ўвагі. Гэта не можа быць тэлевізія ці радыё прапагандысцкага кшталту".

Разам з тым, на маланкавы эфект ад працы незалежных СМІ, суразмоўца не разлічвае:

"Думаю, гэта працэс, што разлічаны на гады".