1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Калі літоўцы пройдуць шляхам Міндоўга па Беларусі?

15 февраля 2009 г.

Тысячагоддзе Літвы дае нагоду для збліжэння беларусаў і літоўцаў, а таксама папулярызацыі турысцкіх маршрутаў па мясцінах, якія звязваюць іх гістарычна. Але на гэтым шляху паўстае візавы бар’ер.

https://p.dw.com/p/GuoE
Фота з архіву. Вільня - сталіца Літвы
Фота з архіву. Вільня - сталіца ЛітвыФото: TDoVMG / Zenonas Nekrošius

Надыходзячае тысячагоддзе Літвы – яшче адна нагода для збліжэння беларусаў і літоўцаў і папулярызацыі турысцкіх маршрутаў па мясцінах, якія звязваюць іх гістарычна. Але на гэтым шляху паўстае візавы бар’ер.

Літву адкрыў святы Бруна

Упершыню назва "Літва" (Lituae) ўзгадвалася ў Кведлінбургскіх летапісах у 1009 годзе. Як ні сумна, падкрэслівае літоўскі пасол у Беларусі Эдмінас Багдонас, але яны зафіксавалі забойства нямецкага місіянера Бруна Кверфуртскага "дзесьці ў сумежнасці Русі і Літвы". Разам са сваімі паплечнікамі святы Бруна ішоў хрысціць паганцаў.

"Нашыя продкі сустрэлі іх непрыязна. Канешне, лепш было б, калі б была іншая нагода – святкаванне, ці хтосьці нарадзіўся б. Але так склалася гісторыя. Таму мы гаворым: "Калумб адкрыў Амерыку, а святы Бруна – Літву", - даводзіць Эмінас Багдонас.

Беларускія гісторыкі адзначаюць, што назва Літва мае дачыненне і да старажытнай тэрыторыі Беларусі. Да пачатку XX стагоддзя беларусы называлі сябе ліцвінамі.

Шляхам караля Міндоўга

На тутэйшых землях ёсць шэраг месцаў, якія з’яўляюцца знакавымі для агульнай гісторыі абодвух народаў, адзначае дырэктар фонда "Краіна замкаў" Аляксандр Варыкіш. Паводле яго, гэта, ў першую чаргу, Наваградак – горад Міндоўга, які стаў ключавым у сярэдзіне XIIІ стагоддзя. Знакавым можна назваць Крэва – адну з сакральных кропак старой Літвы. Замкі, якія засталіся ад часоў Вялікага княства Літоўскага. Увогуле, зазначае Варыкіш, Налібокская пушча - цікавае месца таксама, таму што летапісы пісалі, што Нёман быў мяжой паміж Літвой і Наваградкам.

Фота з архіву. Руіны замку ў Навагрудку
Фота з архіву. Руіны замку ў НавагрудкуФото: Marina Mazurkewisch

Ужо трэці год запар фонд "Краіна Замкаў" ладзіць для турыстаў вандроўку "Шляхам караля Міндоўга". Гэтае падарожжа – зварот да рэальнага гістарычнага сюжэта XIII стагоддзя. Ён звязаны з каранацыяй і забойствам заснавальніка Вялікага княства Літоўскага. Паводле словаў, Аляксандра Варыкіша, за мінулы сезон па маршруце праехалі некалькі дзесяткаў турыстычных аўтобусаў.

Спецыяліст звязвае папулярнасць з цікаўнасцю беларусаў да гісторыі Сярэднявечча. Удзельнікі ж вандровак найчасцей адзначаюць, што прывабіў іх нетыповы падыход да экскурсіі. Падчас яе пад мурамі Наваградскага замка ладзіцца тэатралізаванае шоў – каранацыя Міндоўга. А потым на гары, дзе паводле легенды пахаваны першы і апошні кароль ВКЛ, інсцэнізуецца ягонае забойства.

І тут паўстае пытанне візы

Ці ёсць у беларускіх маршрутаў шанец стаць папулярнымі ў суседняй краіне? Літоўцы заўсёды цікавіліся гэтай тэрыторыяй, у адрозненне ад беларусаў, якія лічылі, што Вільнюс – гэта дзесьці ў Прыбалтыцы, адзначае вядомы беларускі мовазнаўца Зміцер Саўка: "Яны заўсёды ведалі, што ёсць не Наваградак, а Наўгардукас, не Гародня, а Гардінас. І для іх гэтыя месцы заўсёды былі важнымі, гістарычнымі".

Драўляны будынак пры брыгітскім кляштары ў Гародні
Драўляны будынак пры брыгітскім кляштары ў ГародніФото: DW

І ўсё ж шлях Міндоўга пакуль засвойваюць бадай што адныя беларусы. Хоць па ім праехаліся ўжо і прадстаўнікі інфармацыйных цэнтраў Літвы, і амбасадары розных краінаў, акрэдытаваныя пры Міністэрстве замежных справаў Літвы. Літоўскі пасол Эдмінас Багдонас лічыць, што папулярызацыі сумеснай гісторыі не спрыяюць адміністрацыйныя бар’еры. Таму, лічыць пасол, што тут паўстае пытанне візы. А літоўцы ўжо прызвычаіліся ездзіць без візаў. Хаця, ўпэўнены Багдонас, зацікаўленасць была б.

Мы з аднаго цеста

На думку Зміцера Саўкі, тысячагоддзе Літвы – увогуле выдатная нагода для збліжэння беларусаў і літоўцаў, якія ніколі ў гісторыі не былі настолькі далёкімі паміж сабой, як цяпер. Яны падзеленыя мяжой, мовай і стэрэатыпамі.

Як адзначыў Саўка, як чалавек, які добра ведае літоўцаў, ён павінен сказаць: мы ўсе з аднаго цеста. Проста так сталася, што гаворым на розных мовах. "Усё астатняе: гісторыя, матэрыяльная культура - у нас адно. І гэта адзінства нам як раз добра было б умацоўваць, скарыстаўшы з гэтай нагоды тысячагоддзе", - падкрэсліў мовазнаўца.

Дарэчы, вёскі, праз якія праходзіць новы турыстычны маршрут "Брама старой Літвы" – сапраўдныя сведкі таго, што яе гісторыя цесна звязаная з мясцінамі пад Мінскам. Адна з іх так і называецца - Літва.

Марына Мазуркевіч

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще